![]()
Не ўсё яшчэ сказана, напісана пра Палуту Бадунову - першую сучасную беларуску высокага палітычнага ўзроўню. Першую народную сакратарку-міністарку. Адну з першых рэспубліканак. Першую незалежніцу. У адвечным станаўленні, самапаляпшэнні, пошуку і сумненнях, Палута Бадунова — кабета, якая сталася піянеркай у асваенні беларускай публічнай незалежнай прасторы. Калі і сёння нас здзіўляе факт, што ў беларускай палітыцы не жаночае аблічча, дык сто гадоў таму кабетаў у нашай палітыцы не было зусім… за адным выняткам. Кажучы сучаснай мовай, яна распачала нашу сучасную гендарную палітычную гісторыю. Дысідэнтка, апазіцыянерка, урэшце, рэпрэсаваная, яна пакінула шмат пытанняў, зачэпак з боку калегаў, а таксама з боку гісторыкаў. Яна пакінула да сёння і адзін сюрпрыз у выглядзе сшытку аповедаў, якія ніколі не друкаваліся: успрымаліся як малавартасныя, як спроба пяра. Да ўсяго яна — першая і адзіная ў сузор’і БНР, стагоддзе якога мы адзначаем сёлета. Да стагоддзя БНР выдалі шмат кніг, але праз патрыярхальную нядбайнасць цалкам забылі Палуту Бадунову.