Навошта IT-шніку дуда?

Некаторыя з сённяшніх дудароў паступова выходзяць на «сапраўдную» сцэну. Ужо два гады фатаграфую гэтых дзіўных маладзёнаў, што ў сучасным горадзе чамусьці граюць на, падавалася б, зусім несучасным музычным інструменце – дудзе (калі хто не ведаў, гэта беларускі адпаведнік для рускага «волынка»). Чаму яны гэта робяць? Для каго? Навошта?Сённяшнія музыкі не заспелі сельскіх беларускіх дудароў. Быццам бы жывая традыцыя спынілася ў 1970-х, а рух аднаўлення грання на дудзе распачаўся толькі ў 1980-я. Хаця ёсць гарадскія легенды, што да сярэдзіны 2000-х стары дудар жыў недзе ў Баранавічах у родных, але сучасныя музыкі так да яго і не даехалі. Першае пакаленне гарадскіх дудароў, што распачыналі рух у 1980-х, – гэта мастакі і рамантыкі, вядомыя і за межамі пост-фольк асяродку: Алесь Лось, Тодар Кашкурэвіч, Алесь Жура. Цяпер яны граюць, але, падобна, што музыка – не асноўны іх занятак. Другое пакаленне кінулася ў музыку з галавой, стварала шматлікія гурты, некаторыя з іх сёння вельмі вядомыя: “Стары Ольса” (дудар Зміцер Сасноўскі), Znich (дудар Канстанцін Трамбіцкі), “Ветах” (дудар Вячаслаў Калацэй), Pawa (дудар Юрась Панкевіч), Sakramant (дудар Васіль Верабейчыкаў).