Лявон Баршчэўскі: Канстанцінопальскі патрыярхат мае рацыю

Грамадскі дзеяч пракаментаваў сітуацыю з атрыманнем аўтакефаліі Украінскай праваслаўнай царквой. Нагадаем, што сінод Канстанцінопальскай царквы прыняў рашэнне спыніць дзеянне ўказа 1686 года аб перадачы Кіеўскай мітраполіі Маскоўскаму патрыярхату. Прызнанне дзеяння ўказа несапраўдным дае падставу для атрымання Украінскай царквой аўтакефаліі. Ва Украінскай праваслаўнай царкве Кіеўскага патрыярхата разлічваюць, што Сусветны патрыярхат прадаставіць Украіне томас (грамату аб аўтакефаліі) на Сінодзе ў другой палове лістапада, паведамляе «Радыё Рацыя». - Уся гэтая сітуацыя павінна быць не столькі палітызаваная, колькі закранаць рэальныя інтарэсы вернікаў. Я думаю, што фармальна Канстанцінопальскі патрыярхат мае рацыю, таму што Кіеўскі патрыярхат старэйшы за Маскоўскі. Дык чаму ён не можа аднавіцца ў сваіх правах? Гістарычна гэта абсалютна правільнае рашэнне. Але гэта справа вернікаў. Спадзяюся, што ні да якіх сур’ёзных канфліктаў не дойдзе ў сувязі з падзелам маёмасці і гэдак далей, бо хрысціянства існуе, як рэлігія любові, а не варожасці.