Гары Паганяйла: У беларускіх уладаў палітыка з двайным дном

Навошта было ратыфікаваць міжнародныя дамовы, калі не збіраліся іх выконваць? Юрыст Беларускага Хельсінкскага Камітэта Гары Паганяйла распавёў «Радыё Рацыя», чаму беларускія чыноўнікі ставяць у прыярытэт нацыянальнае заканадаўства перад міжнародным. На пасяджэнні Камітэта па правах чалавека ААН афіцыйны Менск упершыню за 21 год прадставіў сваю справаздачу. Там жа была прэзентаваная і альтэрнатыўная справаздача, падрыхтаваная праваабарончай супольнасцю. Дзяржаўныя чыноўнікі ўхіляліся ад многіх вострых пытанняў, якія задавалі ім па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, і нярэдка спасылаліся на тое, што ў краіне нацыянальнае заканадаўства мае большы прыярытэт перад міжнародным. - Пазіцыя чыноўнікаў, МЗС і МУС насамрэч такая: маўляў, у сваіх дзяннях яны кіруюцца нацыянальным заканадаўствам. Але, відаць, у сілу сваёй прававой неадукаванасці не разумеюць, што ўсе міжнародныя дамовы ў галіне правоў чалавека, якія падпісала Рэспубліка Беларусь і ратыфікаваны нашай дзяржавай, з’яўляюцца часткай нацыянальнага заканадаўства краіны.