![]()
Беларусь павінна быць рознай. Былы кіраўнік «Маладога фронту» ў Гомлі, двойчы выключаны з трэціх курсаў унівэрсытэтаў за палітычную дзейнасьць беларускі «палітычны прызыўнік» Андрусь Цянюта — пра палітычную актыўнасьць на радзіме і студэнцкую цяпершчыну ў Польшчы ў праекце Свабоды «Забытыя. Размова з героямі ўчорашніх дзён». Першую палітычную «акцыю» Андрусь Цянюта ўчыніў у дзевяць гадоў: «закаціў скандал» бацькам, якія ў 1995 годзе пайшлі галасаваць на рэфэрэндуме аб зьмене бел-чырвона-белага сьцягу і герба «Пагоня» за цяперашнюю дзяржаўную сымболіку. «Я пайшоў у школу ў 1994 годзе, два гады вучыўся па-беларуску, ведаў бел-чырвона-белы сьцяг і вельмі любіў „Пагоню“ — мне так падабаўся гэты вершнік! Было вельмі крыўдна за яго, ну і хіба з таго часу пачаў цікавіцца навінамі, у тым ліку палітычнымі. А ў мяне заўсёды была здольнасьць да крытычнага мысьленьня, не зважаючы на тое, што казалі чыноўнікі праз тэлевізію», — так прыгадвае сваё далучэньне да палітыкі Андрусь Цянюта.