У Віцебску абмеркавалi рэформы судовай сыстэмы

Неабходна перайсьці да выбараў судзьдзяў. У віцебскім офісе Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) прайшло абмеркаваньне рэформы судовай сыстэмы, якая даўно насьпела. На сустрэчы, што адбылася 7 кастрычніка, прысутнічалі мясцовыя актывісты партыі і праваабаронцы. Зь Менску прыехалі старшыня партыі Ігар Барысаў, праваабаронца і кіраўнік арганізацыі «Прававая дапамога насельніцтву» Алег Воўчак, а таксама былы судзьдзя Канстытуцыйнага суду Беларусі Міхаіл Пастухоў, паведамляе vitebskspring. org. Пачынаючы сустрэчу, Ігар Барысаў патлумачыў мэту візыту сталічных гасьцей: «Нашы паважаныя экспэрты прыехалі для таго, каб сустрэцца зь сябрамі, якія маюць дачыненьне да праваабарончай дзейнасьці, маюць юрыдычныя веды, для таго, каб абмеркаваць рэформу судовай сыстэмы Беларусі. Падобныя сустрэчы ўжо адбыліся ў Горадні, у Берасьці, учора была такая сустрэча ў Магілёве. Сёньня мы ў Віцебску. І на працягу тыдня мы правядзем выніковую сустрэчу ў Менску, дзе падабём ўсе ідэі і прапановы, якія былі агучаныя адносна таго, што трэба рэфармаваць у судовай сыстэме».