![]()
Нашчадкі Ігната Дамейкі прайшліся па цэнтры Горадні падчас падарожжа па мясьцінах, зьвязаных з жыцьцём свайго сваяка. Эпатажны малады мужчына стаіць пасярэдзіне пешаходнай вуліцы Горадні і, паказваючы пальцам, па складах чытае надпіс на шыльдзе шапіка з газэтамі. Тонкія вусікі Сальвадора Далі, каляровыя паласатыя шкарпэткі з-пад караткаватых штаноў, жывая манера трымацца на людзях вылучае яго сярод мінакоў, пiша «Радыё Свабода». «Мы з Аўстраліі, я Джэймс», — мужчына элегантна падае руку на прывітаньне. Гэта нашчадкі Ігната Дамейкі — нацыянальнага героя Чылі, які паходзіць з Горадзеншчыны. Яны падарожнічаюць па месцах, зьвязаных зь іхнім знакамітым продкам. Вандроўнікаў чацьвёра: прапраўнучка Ігната Дамейкі — Пас, і маладзейшае пакаленьне: Джэймс, Нікаляс, Паўліна. Яны ўжо пагасьцявалі ў Менску, Наваградку, а з Горадні накіраваліся ў Кракаў і Варшаву. «Мы толькі некалькі гадзін у Горадні. І я спрабую дасьледаваць культуру, мову, спэцыфічную мясцовую прыроду», — кажа Джэймс Дамейка.