Сёння юрасобы і прадпрымальнікі, заўтра – звычайныя людзі

Народ не давярае ўладам. І што б мы рабілі без нашых міністраў? Вымерлі б даўно, як тыя дыназаўры. Калі б не яны, мы б «не ведалі», што ўзуваць і што апранаць. І вось цяпер, каб «забяспечыць насельніцтва» якаснымі таварамі легпрама, саўмін падрыхтаваў праект пастановы, які забароніць second-hand анлайн. То бок былыя ў выкарыстанні рэчы праз інтэрнэт нельга будзе набыць. Гаворка ідзе пакуль што пра індывідуальных прадпрымальнікаў і юрыдычных асобаў. Фізічныя асобы змогуць і надалей прадаваць непатрэбныя сукенкі ды нагавіцы. Хаця наш народ не вельмі давярае беларускім уладам. Бо там, дзе сёння юрасобы і прадпрымальнікі, заўтра – звычайныя людзі. Саўмін тлумачыць сваю прапанову тым, што ў пакупнікоў няма магчымасці па фатаграфіях у поўным аб’ёме атрымаць інфармацыю пра стан тавараў і іхнія недахопы. Вось дзякуй, калі б не саўмін, то беларусы аніяк не маглі б вызначыць, добрыя нагавіцы ці не вельмі, ёсць там катышкі ці не. Мы ж, як дзеці малыя, нічога самі не можам выбраць: ні світар, ні сукенку.