Глянем глыбей

Народныя грошы выдаткоўваюцца толькі для тактычнага «захоўвання на плыву». Разам з раднёю пабыў у мясцінах свайго маленства і юнацтва. Завітаў у Слабаду, дзе нарадзіўся, памаўчаў ля ўрослай у дол бабулінай хаты ў Хоціне, пастаяў у Галях, у якіх упершыню сеў за парту, палюбаваўся з маста любімай Заходняй Дзвіною ў Вуле, пакланіўся магілам мамы і таты ў Глыбачцы. Паклікалі мяне не «год малой радзімы», не каманда зверху, а душа і сэрца, бо яны гэта робяць пастаянна. Наш шлях пралёг па Ушацкім і Бешанковіцкім раёнах, да якіх цяпер належаць пералічаныя населеныя пункты. Бацька працаваў дырэктарам школ — толькі пабудуе адну, як пераводзяць у іншае месца, каб на пасляваенных папялішчах і там паўстала навучальная ўстанова. Разам з ім вандравала сям’я, у якой падрастала пяцёра дзяцей. Выдатнейшы паэт Беларусі, зямляк і сябра Рыгор Барадулін у прадмове да маёй кнігі «Прысак часу» жартам напісаў: «Часта змяняўся адміністрацыйны падзел на карце Віцебшчыны. І ў выніку тры раёны спрачаліся, як за Гамера некалі гарады, за паэта — Бешанковіцкі, Вульскі, Ушацкі, бо вёска Слабада якраз на мяжы раёнаў.