Як беларуская мова дапамагла татарскаму Адраджэнню

Беларускі народ знойдзе ў сябе моц пераадолець навязаную яму русіфікацыю. Татарскі фактар набыў вядомасць у нашым грамадстве, дзякуючы распачатаму на мяжы ХХ–ХХІ стагоддзяў магутнаму руху беларусаў і ўсіх этнічных супольнасцяў краіны за нацыянальна-культурнае адраджэнне. Беларусы па ступені зрусіфікаванасці займалі першае месца сярод карэннага насельніцтва ўсіх саюзных рэспублік СССР. Лёгка зразумець, чаму з яго развалам не адарваная ад роднай глебы частка беларусаў актыўна ўключылася ў нялёгкае змаганне за выратаванне свайго народа ад рэальнага для яго этнічнага вымірання. Канцэнтрацыя ўвагі беларускіх адраджэнцаў на ўласных праблемах не спрычынілася да іх абыякавага стаўлення да таго, як ідуць справы з гэтым у польскай, украінскай, яўрэйскай, татарскай, літоўскай і іншых этнічных супольнасцяў рэспублікі. Найбольшую зацікаўленасць выклікала татарская, бо ў яе адзінай, акрамя ўласнага канфесійнага, этнакультурнага жыцця, прысутнічала і штосьці з беларускага. І гэтым «штосьці» (не ўсе павераць!) была беларуская мова.