![]()
Як дзяржава аплочвае працу настаўніка. Паводле Міністэрства адукацыі за 8 месяцаў 2018 году сярэдні заробак складаў 759 рублёў, а у пэдагагічных работнікаў — 714 рублёў. Паволе ж Белстату, у жніўні сярэдні заробак у сыстэме адукацыі быў 616 рублёў. То бок летам, без факультатываў, кляснага кіраўніцтва ды іншай дадатковай працы заробак быў меншы амаль на сотню. А колькі пэдагогі зарабілі ў верасьні? Напярэдадні Дня настаўніка Радыё Свабода спытала пра заробкі трох школьных настаўніц і выкладчыцу сталічнай ВНУ. Сьвятлана, настаўніца сярэдняй школы ў правінцыі: «Выкручваемся як можам»«Атрымліваю за месяц чыстымі 500 рублёў, гэта за стаўку, 21 гадзіна на тыдзень, у мяне першая настаўніцкая катэгорыя. Але далей, як пойдуць розныя інтэлектуальныя спаборніцтвы дзяцей, а за гэта прэміі, дык будзе 550, а можа нават і 600 рублёў, але ня болей. Калі ж настаўнік мае паўтары ці дзьве стаўкі, дык можа зарабляць 700–750 рублёў. Але такіх настаўнікаў няшмат, можа 10% ад усіх, бо ўсім не хапае для гэтага гадзінаў.