Горад Сонца Генадзя Карпенкі

«Маладзечанскі перыяд» — амаль недаследаваная тэма ў палітычнай біяграфіі Генадзя Дзмітрыевіча Карпенкі. У Маладзечне 23 красавіка 1991 года адбылася незвычайная сесія гарадскога Савета народных дэпутатаў. У парадку дня стаялі два ключавыя пытанні: абранне старшыні выканкама і яго намеснікаў. На пасаду былі вылучаны дзве кандыдатуры: Генадзь Карпенка, доктар тэхнічных навук, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР 1986 года, народны дэпутат, старшыня камісіі Вярхоўнага Савета Беларусі 12 склікання па навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе, і Аляксей Выбарнаў, дзейны старшыня выканкаму гарсавета. Апошняга, дарэчы, падтрымаў старшыня абласнога Савета народных дэпутатаў Альфонс Цішкевіч. Адносна кожнага прэтэндэнта выступілі чатыры мясцовых дэпутаты: два — «за» і два — «супраць». Выбарнаў і Карпенка коратка абмалявалі свае праграмы і сваё бачанне развіцця Маладзечна і рэгіёна. Тэзісы Карпенкі падаліся больш пераканаўчымі: яго кандыдатуру падтрымаў 61 дэпутат са 111, што ўзялі ўдзел у галасаванні.