Мемарыяльны знак Янку Купалу адкрылі ў Фiнляндыi

Мемарыяльны знак народнаму паэту Беларусі адкрылі ў горадзе Іматра. У мерапрыемстве ўзялі ўдзел мэр горада Кай Рослака, пасол Беларусі Аляксандр Астроўскі, намеснік старшыні савета Беларускага фонду культуры Анатоль Бутэвіч, дырэктар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Алена Ляшковіч, а таксама прадстаўнікі СМІ, творчай інтэлігенцыі і беларускай дыяспары, паведамляе zviazda. by. У гонар гэтай падзеі ў будынку зімовага саду гарадской мэрыі адкрылася выстава „Над Іматрай” з фондаў Купалаўскага музея, якая расказвае пра жыццё і творчасць паэта. Памятны знак створаны беларускім скульптарам Паўлам Вайніцкім. Янка Купала 21-22 чэрвеня 1910 года разам з выбітнымі дзеячамі беларускага нацыянальнага адраджэння здзейсніў падарожжа ў Фінляндыю па маршруце Санкт-Пецярбург – Тэрыёкі – Выбарг – Іматра.