![]()
Як фізкультурнік стаў гісторыкам, чаму не варта вяртаць гістарычную назву «Літва». Падчас сустрэчы ў Мінску з нагоды свайго 60-годдзя доктар гістарычных навук, прафесар Варшаўскага ўніверсітэта, аўтар шматлікіх кніг і тэлевядоўца Алесь Краўцэвіч распавёў пра свой шлях да гісторыі і адказаў на пытанні слухачоў. «Новы Час» занатаваў асноўныя моманты з выступлення гісторыка. Няма ніякай «Чорнай Русі»«Літвін з Беларусі» — менавіта такі назоў для сустрэчы абраў прафесар Краўцэвіч, і пачаў сваю прэзентацыю з выяваў гістарычных межаў старадаўняй Літвы. «Гэта не выдумка і не нейкая блукаючая назва, як, напрыклад, «Чорная Русь». Я ніколі не выкарыстоўваю гэты тэрмін, бо ён прыдуманы ў XVIII стагоддзі як гістарыяграфічны». Па яго словах, паводле этнаграфічных даследванняў XIX–XX стагоддзяў вельмі выразна прасочваецца раянаванне нашай краіны, сыходзячы з меркаванняў яе жыхароў. Напрыклад, дакладная мяжа паміж Палессем і Літвой пралягае паміж Пружанамі (яшчэ Палессе) і Ружанамі (ужо Літва).