![]()
За публічную хлусню трэба судзіць з такой жа суровасцю, як за крадзеж. Палітычныя эксперты новага пакалення спісалі тэлебачанне ў архаіку, робячы стаўку на Інтэрнэт, а яно працягвае дзейнічаць, вядзе, як зверху загадана, «борьбу за умы и души людей», апрацоўвае ў патрэбным уладзе кірунку даверлівых, далёкіх ад аналітыкі грамадзян. Даўно заўважана, што аўтарытарныя рэжымы грашаць празмерным ужываннем фальшывага золата ў аздабленні ідэнцкіх рэзідэнцый, палацаў, дзяржаўных устаноў, выяўляюць безгустоўнасць. У Беларусі і Расіі, наскрозь працятых жалезабетоннай «вертыкаллю», заўважаецца старая эстэтычная хвароба — «сделать красиво», «выглядеть богато». Густы налёт прымітывізму і пошласці ляжыць на працы тэлевізійнікаў дзвюх краін, нягледзячы на тое, што яны маюць выдатную сучасную тэхніку, матэрыяльнае і фінансавае забеспячэнне, пра якія іх папярэднікі ў БССР і РСФСР не маглі і марыць. Бяру пад увагу тэлебачанне суседзяў, таму што яно на роўных уплывае на свядомасць тутэйшага насельніцтва.