![]()
Больш 10 тысяч ідэолагаў - гэта прыблізна цэлы невялікі раён па колькасці насельніцтва. Зусім нядаўна прайшла афіцыйная інфармацыя – у Беларусі агулам налічваецца больш 10 тысяч ідэолагаў на дзяржаўнай службе. Гэта складае прыблізна цэлы невялікі раён па колькасці насельніцтва. Прыкладам такі як Зэльвенскі ці Свіслацкі. Цэлая армія прапагандыстаў-кантралёраў – людзей, якія прызваныя «пільнаваць правільнасць» і непахіснасць дзяржаўнай ідэалогіі, трымаць іншых у страху. Пасады ідэолагаў чатырнаццаць гадоў таму ўведзены начальнікам дзяржавы ва ўсіх працоўных калектывах, у якіх працаўладкавана не менш 150 чалавек. Падлічыць дастаткова цяжка, але можна ўявіць, што сумы грошай, выдаткаваных з дзяржаўнага бюджэту цягам 14 гадоў на заробкі гэтых “спецыялістаў”, а па сваёй сутнасці дармаедаў і нахлебнікаў, досыць значныя. Заходняму чалавеку, напэўна, цяжка вытлумачыць, што ж гэта за загадкавая прафесія – ідэолаг – і ў якіх навучальных установах такому вучаць. Тым больш, што на іх нідзе сапраўды не вучаць у Беларусі – аніводная навучальная ўстанова краіны не выпускае такіх адмыслоўцаў з запісам “ідэолаг” у дыпломе.