Тадэвуш Кандрусевіч - семінарыстам: Святар — гэта не чыноўнік, а слуга людзей

У Мінску прайшла ўрачыстая інаўгурацыя новага навучальнага года для семінарыстаў духоўных семінарыяў. У Мінску 1 кастрычніка прайшла ўрачыстая інаўгурацыя новага навучальнага года для семінарыстаў першага курса каталіцкіх Гродзенскай і Пінскай духоўных семінарыяў. З 2018–2019 навучальнага года вышэйшыя духоўныя навучальныя ўстановы Беларусі дзейнічаюць у новым фармаце. Згодна з рашэннем, прынятым беларускім епіскапатам ў адпаведнасці з рэкамендацыямі Ватыкана, цяпер кандыдаты ў святары распачынаюць фармацыю ў Мінску, дзе для іх арганізаваны першы курс навучання, паведамляе catholic. by. Цэлебрацыю Святой імшы з нагоды інаўгурацыі новага навучальнага года ўзначаліў старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Засяродзіўшыся на прыкладзе жыцця святой Тэрэзы ад Дзіцяткі Езуса, успамін якой Касцёл адзначае 1 кастрычніка, іерарх сцвердзіў, што свет змяняе не палітыка ці эканоміка, а святасць, якая дасягаецца праз любоў да Бога і да чалавека.