Чаму я вораг хатняй адукацыі

Дзеці без унутраных межаў — гэта сумнае відовішча. Ня буду хавацца, я ўпарта і зацята выступаю супраць хатняй адукацыі як альтэрнатывы адукацыі школьнай. Асабліва калі гэтая хатняя адукацыя арганізавана абы як, на грунце выпадковых інтэрнэт-публікацый і абмеркаваньняў на бацькоўскіх форумах. Але ніхто ня мае права дыктаваць бацькам мэтады і месцы навучаньня ўласных дзяцей, таму — проста некалькі парадаў. Першае. Што тычыцца гульні. Далёка ня кожная гульня — зусім ня кожная! — нясе ў сабе адукацыйны кампанэнт. Сапраўды эфэктыўныя гульні выношваюцца і нараджаюцца доўга, адпрацоўваюцца і карэкціруюцца ў дзіцячых калектывах. Іх сцэнары мяняюцца ў залежнасьці ад групы і абставін, яны шліфуюцца на працягу пэдагагічнай працы, і, што вельмі важна, растуць разам зь дзецьмі. Распаўсюджанае сёньня ўяўленьне пра гульню як пра чароўны час, праведзены на мяккім дыване, калі ўсе ўдзельнікі працэсу ў смак дурэюць без акрэсьленых мэтаў і выразных задач — гэта не навучаньне і не адукацыя.