«Наша перамога будзе выратаваннем для народа»

Па слядох героя-паўстанца Рамуальда Траўгута на Кобрыншчыне. «Ён сэрцы іх у руках трымаў і ўмеў штурхаць іх угору. Адкрываў перад шэрагамі чорнавалосую галаву і за тое, што яны былі паслухмяныя, як дзеці, а як львы адважныя, што сіле пераважаючай расцярушыць іх не далі, што сорамам не заплямілі крыжа, які прынялі на свае плечы — дзякаваў» (Эліза Ажэшка аб камандзіры паўстанцаў Рамуальдзе Траўгуце). Працягваем вандроўку, звязаную з лёсам нашага выбітнага земляка, нацыянальнага героя Польшчы Рамуальда Траўгута. Пачатак тут і тут. Чарговы маршрут прайшоў праз Новае Папіна-Людвінова ў Драгічынскім раёне Берасцейшчыны. На пачатку нацыянальна-вызвольнага паўстання 1863-64 гадоў супраць расійскага самаўладдзя на сходзе мясцовай шляхты ў папінскім палацы Яна Жука 38-гадовы адстаўны падпалкоўнік расійскай арміі Рамуальд Траўгут быў вылучаны на пасаду кіраўніка Кобрынскага паўстанцкага атрада Горадзенскай губерні. Паблізу ад Новай Папіны знаходзіўся маёнтак Элізы і Пятра Ажэшкаў Людвінова, які выбітная беларуская польскамоўная пісьменніца, паплечніца Рамуальда Траўгута Эліза Ажэшка назвала «ўніверсітэтам свайго жыцця».