У БДУ наводзяцца новыя парадкі

Механізм запушчаны. Цяпер не будзе таго, што раньш было, застанецца толькі надпіс БДУ. Роўна год таму Андрэй Кароль стаў рэктарам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Тады здавалася, якая розніца хто? Усё адно нічога не змяніць,пакуль не абрынецца ўся сістэма. Але ж можа стаць усё горш. Яно так і адбылося…Не буду ручацца за стан іншых факультэтаў, магу толькі сказаць пра свой Інстытут журналістыкі. Яму я аддаў 4 гады і летась паспяхова яго скончыў. Да сёння я абараняў сваю альма-матэр. Журфак мяне не навучыў, як правільна пісаць, затое і не казаў, за каго трэба галасаваць. Але галоўная перавага майго таго журфака – адсутнасць рэальнай ідэалогіі і сістэмы. Нават, наадварот, людзі і тая атмасфера вакол зрабілі мяне свабодным. Шэраг добрых выкладчыкаў, прадметаў і студэнтаў сапраўды давалі адчуванне свабоды. За ўвесь час навучання я не сустрэў ні разу праблемы з цэнзурай і нейкімі сур’ёзныя абмежаваннямі. Я заўсёды праходзіў практыку ў незалежных выданнях, выязджаў на міжнародныя канферэнцыі і трэнінгі ў час заняткаў, на апошніх курсаў праз працу прапускаў шмат семінараў і лекцыі.