1990-я ўнікальныя і непаўторныя

Чаму флэшмоб у байнэце стаў такім папулярным. Флэшмоб пра 90-я трывае ў байнэце каторы дзень. Да гульні далучаюцца людзі самых розных узростаў, нават тыя, хто цьмяна памятае, як яно было «ў тыя часы». Мне здаецца, што папулярнасьць флэшмобу ў тым, што 1990-я — унікальныя для Беларусі. І многім хочацца прыгадаць той гістарычны пэрыяд і сябе ў ім. Калі я распавядаю малодшым знаёмым пра свае 1990-я, у мяне ўзьнікае адчуваньне, што малюю казку. Цэнтар Менску поўніцца жыцьцём. Вунь проста пад гастраномам «Цэнтральны» пяць студэнтаў ладзяць стэндап-шоў. Недалёка граюць вулічныя музыкі. На «Панікоўцы» — сквэры перад Адміністрацыяй прэзыдэнта — проста на газоне адпачываюць студэнты гістфаку. Рок-канцэрты можна пабачыць у парку Купалы, Горкага, Чалюскінцаў, а таксама ў Доме настаўніка, цырку і нават опэрным тэатры. На «Художниках» — там, дзе цяпер адноўленая ратуша, — багемнае жыцьцё віруе да пятай раніцы. У кожным кіёску прадаецца «апазыцыйная» прэса, і нават камэрцыйныя FM-станцыі даюць у жывым эфіры інфармацыю, калі дзесьці адбываецца мітынг пратэсту супраць новай улады.