![]()
У нашых шыротах распаўсюджаны попыт на «сыход у іншую рэальнасць». З 1 кастрычніка гэтага года па 1 кастрычнiка 2019-га ў Быхаўскім раёне Магілёўскай вобласці плануюць абмежаваць продаж піва і слабаалкагольных напояў (аб’ёмная доля этылавага спірту не большая за 7%). Продаж будзе забаронены з 23. 00 да 7. 00 гадзін. То бок ноччу. Па той простай прычыне, што ноччу падвышаецца крымінальны градус пачуццяў і зніжаецца пачуццё адказнасці за здароўе сваё ды іншых людзей. У выніку маем у лепшым выпадку траўмы, крадзяжы, падпалы…Безумоўна, бары і рэстарацыі (калі яны існуюць у Быхаўскім раёне!) зачыняць уночы не будуць… Не так шмат грошай у мясцовых людзей, каб пампаваць арганізм спіртаўтрымліваючымі напоямі ў цывілізаваных інтэр’ерах! Таму на разліў – заўжды калі ласка! Падчас эксперыменту спецыялісты будуць збіраць дадзеныя пра крымінагенную абстаноўку ў раёне, пра надзвычайныя здарэнні і пажары, што адбыліся па віне асобаў у стане алкагольнага ап’янення. Потым прааналізуюць гэтую інфармацыю і дадуць ёй ацэнку – піша газета “Звязда” са спасылкай на намесніцу кіраўніка галоўнага ўпраўлення гандлю і паслуг Магілёўскага аблвыканкама Вераніку Цітову.