Беларусам уліваюць у мазгі, што «мы ў Расеі»

Нават да беларускай «Калыханкі» былі дабраліся. Горадня, станцыя шынамантажу. Мэханік зьмяняе на маім аўтамабілі апоны на сэзон, я сяджу ў залі, а з тэлеэкрана на сьцяне трансьлюецца нейкая расейская перадача. Раптам спадарыня-прыёмшчыца пачынае абурацца на тэлевізар: маўляў, зусім падурэлі з гэтымі законамі, ужо ўвялі рэгістрацыю падводаў з канём. «Эй, спадарыня — кажу, — прачніцеся! Гэта ж іншая краіна!» Тая трохі задумалася, наморшчыла лоб, потым нібы ўспомніла: «А, ну так». «Вось яна — мэнтальная акупацыя!» — думаю. Штодзённае, штогадзіннае, штохвіліннае ўліваньне ў мазгі беларусам па ўсёй краіне праз тэлескрыню магутнага пасылу — мы ў Расеі. Вельмі падобна, як нас вучылі ў савецкія студэнцкія часы на гістфаку БДУ, маўляў, беларускія землі былі ў складзе Вялікага Княства Літоўскага чыста фармальна, а фактычна ніколі ня страчвалі сувязі з расейскім народам і ўсё чакалі, калі той вызваліць браткоў-беларусаў ад прыгнёту летувіскіх ды польскіх паноў. Нацыянальная палітыка ў Рэспубліцы Беларусь будуецца так, каб можна было пражыць у ёй жыцьцё і не сутыкацца ні зь беларускай мовай, ні зь беларускай культурай.