![]()
У суботу кіраўнік Рыма-каталіцкага касьцёла папа Францішак прыляціць у Вільню. А 23-га — адслужыць імшу ў Коўне. Літоўская амбасада ў Менску паспрыяла таму, каб і беларусы змаглі наведаць урачыстыя імпрэзы падчас візыту пантыфіка. Як сказаў «Радыё Свабода» прэс-сакратар Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі ксёндз Юры Санько, толькі з дапамогай Касьцёла ў Літву зьбіраецца паехаць каля дзьвюх тысячаў чалавек (зь Менскай дыяцэзіі — 700). Але будуць і людзі, якія паедуць у Вільню і Коўна самастойна. Гэта значыць, варта чакаць больш за 2000 беларускіх вернікаў. Гэтымі днямі ў Літве будуць прысутнічаць мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч і шэраг беларускіх каталіцкіх біскупаў. «Гэты візыт важны, бо мы чакаем — і молімся — каб папа прыехаў і ў Беларусь. І такая цудоўная нагода, калі папа так блізка… — кажа Юры Санько. — Канечне, можа і ня ўсе, хто жадае, паехаў. Але літоўская амбасада зрабіла ўсё, каб нашы пілігрымы атрымалі бясплатныя візы, і мы за гэта вельмі ўдзячныя літоўскай амбасадзе.