Прэміяй імя Натальлі Арсеньневай узнагародзілі Алеся Разанава

Алесь Разанаў узнагароджоны за кнігу «Перавыданае». 20 верасьня, у дзень народзінаў Натальлі Арсеньневай, абвешчаны пераможца паэтычнай прэміі імя Натальлі Арсеньневай. Ім стаў Алесь Разанаў за кнігу «Перавыданае», паведамляе «Радыё Свабода». Інтрыга захоўвалася да апошняга — у шорт-лісьце сёлета было 9 паэтычных кніг. Сябры журыпаэт і перакладчык Андрэй Хадановіч,літаратуразнаўца і пісьменьніца Вольга Іпатава,паэт і выдавец Дзьмітры Строцаў,паэтка і перакладчыца Марыя Мартысевіч,паэтка Наста Кудасава. Вядоўца, паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч, пачаў імпрэзу зь верша «Лебядзіная песьня» Натальлі Арсеньневай, якой 20 верасьня споўнілася б 115 гадоў. «Сёлета ў шорт-лісьце прэміі апынуліся 9 творцаў, хоць спачатку было 8. Але на імпрэзе будуць гучаць вершы 10 паэтаў — яшчэ кіраўніка агенцыі БелаПАН, выбітнага паэта Алеся Ліпая, які нядаўна пайшоў з жыцьця», — сказаў Андрэй Хадановіч. Хвілінай маўчаньня ўшанавалі памяць Алеся Ліпая госьці імпрэзы. Вершы Алеся Ліпая чыталі Андрэй Хадановіч і старшыня Беларускага ПЭН-цэнтру Тацяна Нядбай.