![]()
Усё больш беларусаў становяцца творцамі патрыятычнага светапогляду. Дзе ў Менску паразмаўляць па-беларуску? Як паведамляе журналістка «Белсата» Настасся Храловіч, адказ ведае журналіст і папулярызатар роднае мовы Глеб Лабадзенка – ужо чацвёрты год запар ён ладзіць курсы «Мова нанова». З яго словаў, у розных гарадах Беларусі збіраюць гэтыя заняткі каля 700 чалавек штотыдзень. Чаму гэтыя курсы прывабліваюць так шмат людзей?«Мова нанова» вяртаецца з вакацыяў – папулярныя бясплатныя курсы беларускай пасля летняга перапынку сабралі ў менскай кавярні «Грай» больш за 150 чалавек. Абмяркоўвалі кнігі, якія прачыталі ўлетку. Арганізатары запрасілі на першы занятак пісьменніка Уладзіміра Арлова і народную артыстку Беларусі Зінаіду Бандарэнку. Спадар Арлоў прэзентаваў свае ўжо выдадзеныя кнігі, а Зінаіда Аляксандраўна распавядала пра мемуары, якія неўзабаве пабачаць свет. «Пра тое, як я ішла да Беларусі, праўда, не дайшла, як і ўсе беларусы, мы ўсе яшчэ ніяк не дойдзем, не хапае нам свядомасці, не хапае ўзлётнай думкі пра Беларусь, таму мы ўсе ідзем-ідзем, і ніяк не дойдзем» – распавядае Зінаіда Бандарэнка.