Фатаздымкі графа Тышкевіча выстаўленыя на аўкцыен

Ці пазмагаецца Беларусь за гэтую спадчыну? «Так, гэта ўнікальныя фатаздымкі, і Гістарычны музэй быў бы шчасьлівы іх мець. Але ў нас няма такіх сродкаў. Набываем нейкія рэчы толькі праз партнэраў. Таму спадзяёмся на спонсараў», — гэтак намесьніца дырэктара Нацыянальнага гістарычнага музэю Беларусі Ніна Калымага пракамэнтавала зьвесткі пра тое, што ў Вільні на аўкцыён выставілі 9 фатаздымкаў графа Бэнэдыкта Генрыка Тышкевіча, зробленых у Беларусі ў 1893 годзе. Аўкцыён адбудзецца 27 верасьня. «Засталося мала часу, але калі знойдуцца партнэры, чаму б не паўдзельнічаць?» — сказала «Радыё Свабода» спадарыня Калымага. Паводле мастачкі Галіны Сілівончык, фатаздымкі Тышкевіча — сапраўдныя шэдэўры беларускай фатаграфіі, адзначаныя залатымі мэдалямі на выставах у Варшаве ў 1894 годзе і ў Бэрліне ў 1899 годзе. Агулам будзе выстаўлена 9 лотаў. Адзін зь іх — «Сяляне, Вяла (Беларусь)» — датаваны верасьнем 1893 году. Працы Бэнэдыкта Тышкевіча — ня толькі выдатныя ўзоры фотамастацтва, яны важныя і як гістарычны матэрыял.