Анхела Эспіноса Руіз: Я хацела, каб людзі ў Гішпані зразумелі, што ў Еўропе ёсць Беларусь

Гішпанка – пра шлях да беларускай мовы. Госць студыі «Радыё Рацыя» — беларускамоўная гішпанка, паэтка Анхела Эспіноса Руіз. - Адкуль у Вас зацікаўленне беларускай мовай? Вы ж дзяўчына з самага поўдня Гішпаніі, з Малагі, калі не памыляюся. А з нашага гледзішча, гэта ўжо канец Еўропы. - Ну гэта і ёсць канец Еўропы насамрэч. У нас ёсць «балкон Еўропы» каля Малагі. І я сапраўды павінна была быць далёка ад беларускай мовы. Гэта даволі доўгая гісторыя: калі мне было 15 гадоў я атрымала вельмі цікавую стыпендыю, па дыпламатыі, ад Дзярждэпартамента ЗША. Я была адзінай гішпанкай на гэтым семінары, на гэтай праграме і там былі людзі з розных краін Еўропы: ад 15 ад 19 гадоў у дзвюх групах. Я была ў малодшай групе. Былі людзі з Еўропы, з Еўразіі і з розных штатаў ЗША. Там я ўпершыню пачула агулам славянскія мовы. Цяпер я валодаю і беларускай, і польскай, бо жыла два гады ў Варшаве, і рознымі славянскімі мовамі. А тады я не ведала, дзе заканчваецца адна славянская мова, і дзе пачынаецца другая.