Грэка-каталіцкі святар: Мы маем патэнцыял, каб вера нашая пашыралася

У Лідзе грэка-каталікі адзначылі свята ў гонар Язафата Кунцэвіча. У лідскай грэка-каталіцкай парафіі святога Язафата прайшлі ўрачыстасці з нагоды парафіяльнага свята, перадае racyja. com. Гэты асяродак беларускай веры, паводле мовы набажэнстваў і культуры, запрасіў сяброў з грэка-каталіцкіх парафіяў Гародні, Менска, Полацка. Свой візіт на свята ажыццявіў галава Беларускай грэка-каталіцкай царквы, апостальскі візітатар для беларусаў грэка-католікаў архімандрыт Сяргей Гаек. Парафіі споўнілася 24 гады. Час станаўлення гэтай лідскай суполкі згадвае ксёндз Ігар Лашук, які некаторы час апекаваўся вернікамі. – Ліда – гэта мае першыя крокі святарства, першыя месяцы святарства, якраз гэтая зямля, парафія, першы год святарства – заўсёды для мяне асаблівым чынам дарагое і прыемнае, бо тут я патрэбу ў святарстве адчуў у поўным сэнсе гэтага слова. У духоўным значэнні, але таксама ў фізічным. У духоўным значэнні – несці гэтае божае слова, а ў фізічным значэнні – як многа людзей патрабуе гэтага божага слова.