Таямніцы менскай Старажоўкі

Гісторык распавядае пра важныя гістарычныя месцы і будынкі Старажоўкі. Дзе пашылі першыя ў Беларусі станікі? Дзе стаяў легендарны млын Мянеска? Дзе Караткевіч напісаў свой раман «Чорны замак Альшанскі»? Дзе знаходзіцца самы стары хлебазавод Менску? Адкуль пайшла назва «Старажоўка»? На гэтыя і шматлікія іншыя пытанні пра знакаміты раён сталіцы вядоўцам перадачы на «Белсаце» Глебу Лабадзенку і Алесі Літвіноўскай адкажа гісторык Паўліна Скурко. Старажоўка (Старажоўскае прадмесце) – гістарычны раён Менску, размешчаны ў паўночнай частцы гораду, за Траецкай гарой. Старажоўка абмежаваная вуліцамі Веры Харужай з захаду, Максіма Багдановіча з поўначы, Камуністычнай і Старажоўскай і выгінам ракі Свіслач з поўдня. Уключала ў сябе вуліцы Крапоткіна, Кісялёва, Даўмана, праспект Машэрава і вуліцу Старавіленскую. Сваю назву прадмесце атрымала ад вартаўнічай (рус. сторожевой) заставы, што знаходзілася пры выездзе з гораду з боку Старавіленскага і Даўгінаўскага трактаў (сёння гэта скрыжаванне вуліц Максіма Багдановіча і Кісялёва).