Аты-баты – ішлі салдаты

Падае прэстыж войска – яно па-просту не адольвае тых праблемаў сучаснасці, з якімі сутыкаецца. Адгрымела абітурыенцкая кампанія. Распачаўся новы навучальны год. Мінабароны апублікавала сёлетнія прахадныя балы ў Вайсковую акадэмію. Сайт Міністэрства абароны прыводзіць дадзеныя па прахадных балах на факультэты Вайсковай акадэміі. Інфармацыя здзіўляе і ўражвае. Па той простай прычыне, што з магчымых 400 балаў для паступлення ў ВА на большасць спецыяльнасцей хапае 100 балаў з “хвосцікам” (вялікім або не). Трошачкі паднапружыўся – і вось, ты ўжо студэнт у пагонах! Артылерыст, ракетчык, ідэолаг або практычны псіхолаг. Самыя высокія прахадныя балы на спецыяльнасцях «Тылавое забеспячэнне войскаў» і «Радыёэлектронная выведка» — 190 і 195 адпаведна. Згадваючы апошнія трагічныя выпадкі ў беларускім войску, разумееш, што тут маецца свая логіка. Падае прэстыж войска – яно па-просту не адольвае тых праблемаў сучаснасці, з якімі сутыкаецца. Хто ідзе ў войска служыць тэрміновую службу, калі такі нізкі афіцэрскі ўзровень адукацыі? Тое ж можна сказаць пра педагогіку і сярэднюю школу.