Пра самакіраванне, якога няма

Чарговая смешная заява беларускіх уладаў. Прачытала я назву навіны на адным дзяржаўным рэсурсе, што Беларусі цікавы досвед Еўропы ў сферы мясцовага самакіравання, — і рассмяялася. З такім жа поспехам прафесійныя балерыны могуць сказаць, што ім цікавы досвед у сферы лішняга набору вагі. Альбо вегетарыянцы будуць казаць, што зацікаўленыя ў досведзе мясакамбінатаў. Мясцовае самакіраванне ў Беларусі немагчымае ўжо з тае прычыны, што кіраўнікі гарадоў і вёсак у Беларусі не выбіраюцца. Пасады “мэр” у нас проста няма, паколькі ўсіх старшыняў гарвыканкамаў ды сельсаветаў прызначаюць зверху. Народ – то бок жыхары гарадоў і вёсак – да гэтага не маюць ніякага дачынення. Таму мясцовае самакіраванне ў нашай краіне развівацца не можа. Бо як насельніцтва можа самастойна вырашаць пытанні мясцовага значэння, калі не вырашае самае галоўнае пытанне: хто будзе кіраваць горадам ці вёскай. У сваю чаргу кіраўнікі гарадоў і вёсак не адчуваюць адказнасць перад грамадзянамі, бо зняць іх можа толькі той, хто прызначыў.