Дэмантаж

Людское жыццё настолькі складанае і непрадказальнае, што ў ім нечакана перагукаюцца далёкія адна ад другой з’явы. Здавалася б, што агульнага паміж зменамі ва ўрадзе Беларусі і міграцыйнымі пытаннямі, якімі займаецца Еўропа? Але яно ёсць, бо ў абодвух выпадках закранаецца праблема «свежай крыві». Словаспалучэнне «свежая кроў» мае некалькі сэнсаў. Cпынюся на метафарычным, не звязаным з гвалтам, бойкамі і войнамі, які азначае, што народу або працэсу, патрабуецца абнаўленне. На мой погляд, беларуская і еўрапейская праблемы цяпер вырашаюцца спосабамі, якія не прывядуць да выніку. Замена службоўцаў ва ўрадзе або палітыка «малых крокаў» у розных сферах жыццядзейнасці Беларусі не дапамогуць рэфармаваць закасцянелы аўтарытарызм, наблізіцца да дэмакратыі. На жаль, і палітыка «адчыненых дзвярэй» прывяла Еўропу ў міграцыйны тупік. Гэтая выснова высвечваецца выразна, калі не займацца словаблуддзем, а глядзець у корань з’яў. За час існавання аўтарытарызму беларускі ўрад мяняўся безліч разоў, але паляпшэння сітуацыі ў эканоміцы і сацыяльнай сферы як не было, так і няма, таму што сама дзяржаўная сістэма з’яўляецца галоўным тормазам на шляху развіцця краіны і грамадства.