Беларускі архіяпіскап: Адсутнасьць у нашай краіне аўтакефаліі парушае апостальскія каноны

Беларускай Праваслаўнай царквы не існуе — гэта дзяржаўная назва. Кіраўнік Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай царквы, архіяпіскап Сьвятаслаў Логін на просьбу «Радыё Свабода» камэнтуе рашэньне Канстантынопальскага патрыярха надаць Украінскай Праваслаўнай царкве аўтакефалію. Мэта БАПЦ — легалізацыя ў Беларусі— Як Беларуская Аўтакефальная Праваслаўнай царква ацэньвае рашэньне Канстантынопальскага патрыярхату надаць Украінскай Праваслаўнай царкве статус аўтакефальнай?— Мы, вядома, падтрымліваем гэтае рашэньне. Наша мэта — таксама легалізавацца ў Беларусі і афіцыйна атрымаць статус аўтакефаліі. Гістарычна мы маем шматвяковую праваслаўную традыцыю. У мінулым стагодзьдзі наша царква рабіла рэальныя крокі для таго, каб атрымаць аўтакефалію і каб яе прызналі. Украінская царква нам родная і блізкая, таму што ў мінулым мы мелі адзіную мітраполію — царква ў Беларусі пачыналася з Кіеўскай мітраполіі. Пазьней гэта была Кіева-Літоўская мітраполія з цэнтрам у Наваградку — яна была зьнішчана Маскоўскай царквой.