Ганна Шапуцька: У рэстарана ў Курапатах амаль няма наведвальнікаў

Абаронцы Курапатаў працягваюць варту. Людзі амаль не наведваюць рэстаран, былы „Бульбаш — Холл”, які пачаў працу каля мемарыялу — пахавання ахвяраў сталінскіх рэпрэсій у Курапатах, — кажа грамадская актывістка Ганна Шапуцька. Апошнія дні яна і яшчэ некалькі чалавек неслі вахту каля гэтага рэстарану, паведамляе “Радыё Рацыя”. – З кожным днём наведнікаў становіцца ўсё менш і менш. Учора з 14:30 да 20:30 пакуль мы трымалі варту, не было ніводнай машыны. Сёння пятніца, наведнікаў таксама няма. Адна машына і тое гэта хутчэй за ўсё знаёмыя. То бок фактычна за цэлы дзень няма наведвальнікаў, машын пяць з дастаўкі. Я фіксую, я запісваю. Адзін чалавек прыйшоў наймацца на працу. Яшчэ адна жанчына таксама на працу прыехала наймацца. То бок атрымліваецца ў іх там цякучка. Па словах Ганны Шапуцькі, абаронцы Курапатаў працягваюць збіраць подпісы пад зваротам да прэмьер-міністра і Генеральнага паркурора Беларусі з патрабаваннем зачыніць рэстаран каля мемарыялу — пахавання. Першыя больш чым сто подпісаў ужо накіраваныя ў Саўмін і Генеральную пракуратуру.