Вадзім Кабанчук: Нам ёсць што ўзгадаць i чым ганарыцца

У найноўшую гiсторыю Беларусi ўпiсаныя яскравыя старонкi. Былы беларускі палітвязень, экс-кіраўнік арганізацыі «Край», адзін з заснавальнікаў руху «Зубр» і беларускі дабраахвотнік ва Украіне Вадзім Кабанчук даслаў сайту Charter97. org віншаванні з 20-годзем. «Вiншую каманду «Хартыi-97» з 20-годзем заснавання! Для гiсторыi 20 год - адно iмгненне, для тых, хто браў удзел у бурлiвых грамадска-палiтычных падзеях з канца 90-х, гэта двацацiгодзе цэлая эпоха. Магчыма, мы мелi завышаныя чаканнi i жадалi хуткiх змен, магчыма, мы ў нечым былi рамантыкамi, але ў найноўшую гiсторыю Беларусi ўпiсаныя яскравыя старонкi. Аглянемся трохi назад, нам ёсць што ўзгадаць i чым ганарыцца. . . Узмацненне дыктатуры i пагроза анэксii зачынiла шляхi парламенцкай барацьбы, актыўныя беларусы перайшлi да вулiчнага супрацiву. Сайт «Хартыя-97» стаў пляцоўкай не толькi з iнфармацыйнай падтрымкi Супрацiву, але, ў пэўнай ступенi, i каардынаваў яго. Прынцыповасць ды паслядоўнасць рэсурса ў хуткiм часе вывялi яго на лiдэрскiя пазiцыi беларускага сэгменту iнтэрнэта.