«Мы зробім усё, каб Пагоня і Арол былі на адным шчыце»

Як у Беларусі сустракалі Напалеона. У новых падручніках гісторыі Беларусі для старэйшых клясаў вайну Францыі і Расейскай імпэрыі 1812 году называюць «айчыннаю». Аднак архіўныя матэрыялы таго часу пра сустрэчу Напалеона ў былым ВКЛ разьбіваюць гэтае ўяўленьне ўшчэнт. Што Напалеон хацеў выкарыстаць настальгію элітаў Вялікага Княства Літоўскага па страчанай дзяржаве і што знайшліся людзі, якія яго падтрымалі, у беларускіх школах таксама вучаць. Але гэтыя фрагмэнтарныя веды не даюць уяўленьня, што ж адбывалася ў 1812 годзе насамрэч. Вядома, што эліты былі падзеленыя. Але падручнікі старанна хаваюць другі бок мэдаля — размах прафранцускай фракцыі ў ВКЛ. Каб зразумець маштаб зьявы, варта вярнуцца на некалькі гадоў раней. Пасьля падзелаў Рэчы Паспалітай Масква зь вялікім недаверам глядзела на былыя землі ВКЛ, якія называла «заходнімі губэрнямі». Калі ў 1806 годзе расейскія ўлады пачалі ствараць аддзелы міліцыі, якія меліся дапамагаць рэгулярнай арміі, то ад гэтага абавязку былі вызваленыя Віленская, Горадзенская, Менская губэрні.