![]()
Маладыя беларусы падзяліліся досьведлам барацьбы за родную мову. У Гародні сваім вопытам абароны моўных правоў, а таксама шляхамі пашырэння абсягу беларускай мовы ў жыцці беларусаў падзяліўся моўны інспектар Ігар Случак, перадае «Радыё Рацыя». Ён ужо некалькі гадоў праводзіць актыўнае ліставанне з рознымі дзяржаўнымі ўстановамі, каб тыя, згодна з заканадаўствам, выкарыстоўвалі беларускую мову адпаведна яе дзяржаўнаму статусу. Ігар Случак згодны, што колькасць актыўных грамадзянаў, якія бароняць правы сваёй мовы, вельмі малая. Але нават малымі сіламі можна шмат чаго дасягнуць, мяркуе Ігар Случак: «Я гляджу, што з кожным годам актыўных людзей з’яўляецца крыху больш. Але, сапраўды, людзей няшмат. І якраз мая задача – паказаць іншым людзям, каб яны ўбачылі механізмы, як можна бараніць свае правы, як можна пашыраць беларускую мову. Я не стаўлю за мэту рабіць усё самому, бо я таксама чалавек і ўсяго ахапіць не магу. Мне хацелася б проста навучыць людзей, як гэта рабіць самім, як пашыраць беларускую мову».