![]()
Улады баяцца шчырасці абаронцаў мемарыялу. Актывістку Маю Навумаву чакае суд за ўдзел у акцыі пратэсту каля рэстарана «Поедем поедим», якая адбылася ў Курапатах 11 жніўня 2018 года. Яе вінавацяць во ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве па ч. 2 арт. 23. 34 КаАП, піша сайт spring96. org. Прычым, як дзіўным чынам пазначана ў пратаколе правапарушэння, Навумава «ляпіла на забор рэстарацыі чыстыя лісты фармату А4, з якіх потым ўтварыўся надпіс «Абудзіцеся – зачыніцеся». Адміністрацыйная справа прызначаная для разгляду ў судзе Першамайскага раёна Мінска ў 16 гадзін 5 верасня. Суддзя – Іна Сідарок. Нагадаем, 11 жніўня абаронцы Курапатаў наклеілі на плот рэстарана «Поедем, поедим» паперы з надпісамі «Абудзіцеся, зачыніцеся», «Каму не баліць?» і прозвішчамі ўладальнікаў і супрацоўнікаў рэстарана. Нехта напісаў на асфальце «Зона мемарыялу генацыду». Пад час акцыі супрацоўнікі міліцыі затрымалі актывістку і маці былога палітвязня Андрэя Кіма Таццяну Кім. Прычым, каб затрымаць жанчыну, прыехалі адразу два міліцэйскія нарады.