Алена Макоўская: Беларусь, як дзяржава, не думае пра беларусаў замежжа

Сучасная беларуская дыяспара адрозніваецца ад ранейшай. Аднак Рэспубліка Беларусь, як дзяржава, надалей не шмат думае пра беларусаў замежжа. Пра гэта ды іншае гаворым з сённяшнім госцем “Радыё Рацыя” – кіраўніцай Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” Аленай Макоўскай. Спадарыня Алена ўзяла ўдзел у “Трыялогу” у Крынках на тэму Belarusian Outside. - Якімі былі вашыя першыя асацыяцыі, калі вы пачулі тэму сёлетняга “Трыялогу”?- Мне гэтая тэма спадабалася сваёй шматзначнасцю. Belarusian Outside – гэта беларусы, якія жывуць па-за межамі Беларусі, ці Беларусь сёння сама ўжо як бы Outside сваёй дыяспары і тых прагрэсіўных тэндэнцый, якія адбываюцца ў свеце. Гэтая тэма вельмі сугучная таму, пра што мы казалі на сёмым з’ездзе беларусаў свету, і на што мы звярталі ўвагу дзяржаўных устаноў Беларусі. А гэта менавіта тое, што трэба актывізаваць працу з беларускім замежжам. Сёння ў Беларусі дзейнічае закон, які быў прыняты ў 2014 годзе, дзякуючы і нашым намаганням, і намаганням беларускай дыяспары.