У Нью-Ёрку адбылася сустрэча беларусаў Паўночнай Амерыкі

Iмпрэза сабрала беларусаў з розных куткоў ЗША i Канады. 1–2 верасня ў беларускім цэнтры ў Нью-Ёрку адбылася 33-я Сустрэча беларусаў Паўночнай Амерыкі, якая была арганізаваная Беларуска-Амерыканскім Задзіночаннем (БАЗА). Сустрэча сабрала беларусаў з розных куткоў ЗША: Нью-Ёрку, Нью-Джэрсі, Філадэльфіі, Маямі, Бостану, былі таксама госці і з Таронта (Канада), пiша «Новы час». Гэтая сустрэча была прымеркавана да стагоддзя БНР, і прайшла пад тэмай Рада БНР і беларуская эміграцыя ў Паўночнай Амерыцы — гісторыя, сучаснасць і перспектывы. Ганаровымі гасцямі сустрэчы былі Івонка Сурвіла, старшыня Рады БНР, і іншыя сябры Рады БНР, якія распавядалі пра дзейнасць Рады. Сярод ганаровых гасцей былі і госці з Беларусі: журналіст, тэлевядоўца, грамадскі дзеяч Глеб Лабадзенка і Наталля Гардзіенка — гісторык, кандыдат гістарычных навук, даследчык беларускай эміграцыі. У першы дзень на адкрыцці Сустрэчы беларусаў Паўночнай Амерыкі, госці праслухалі вітанні ад кіраўнікоў яе арганізацый-удзельніц.