![]()
У Ваўкавыску ў першую клясу тамтэйшай польскай школы паступіла 31 заяўка, а было прынята толькі 18 дзяцей. У польскай школе ў Горадні 1 верасьня пачаўся новы навучальны год. Першы званок прагучаў больш як для паўтары тысячы вучняў. У першую клясу сёлета пайшлі 87 дзяцей, гэта значыць, усе жадаючыя, перадае «Польскае радыё». 2018/2019 навучальны год тут пачаўся з набажэнства, у якім узялі ўдзел кіраўніцтва, настаўнікі, бацькі і вучні. «Польскае радыё» зьяўляецца патронам гэтай навучальнай установы. Дырэктар школы Данута Сурмач паведаміла, што пэдагогі пачынаюць новы навучальны год у добрым настроі. Большасьць дзяцей, якія наведваюць школу, маюць польскія карані. Некаторыя ўжо зьбіраюцца працягваць вучобу ў Польшчы. Эдыта Сарока з 10-й клясы расказала, што хацела б далей вучыцца ў Акадэміі прыгожых мастацтваў у Кракаве, бо ёй падабаецца маляваць. «Я нарадзілася ў Горадні, я палячка, таму было ясна, што я пайду ў польскую школу», — падзялілася ўспамінамі Эдыта. Свайго сына ў польскую школу прывяла Анжаліка Арэхва, старшыня галоўнай рады Саюза палякаў на Беларусі.