У Беларусі зарэгістравана яшчэ адна каталіцкая навучальная ўстанова

Тэалагічны каледж імя святога Казіміра будзе дзейнічаць у Гродне. Напярэдадні новага навучальнага года у Беларусі была афіцыйна зарэгістравана яшчэ адна каталіцкая навучальная ўстанова — тэалагічны каледж імя святога Казіміра, які будзе дзейнічаць у Гродне, паведамляе catholic. by. 28 жніўня Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леанід Гуляка ўручыў біскупу Гродзенскаму Аляксандру Кашкевічу Пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі «Тэалагічнага каледжа імя святога Казіміра» Гродзенскай дыяцэзіі Рыма-Каталіцкага Касцёла ў Рэспубліцы Беларусь. Галоўнай задачай гэтай духоўнай навучальнай установы з’яўляецца падрыхтоўка спецыялістаў для рэлігійнай дзейнасці ў Гродзенскай дыяцэзіі. У каледжы можна будзе атрымаць веды ў галіне тэалогіі, філасофіі, катэхізацыі, біблістыкі, літургіі, гісторыі, касцёльнага права, дабрачыннасці, сямейнага жыцця, рэлігійных сродкаў масавай камунікацыі і іншых дысцыплін згодна з нормамі і вучэннем Каталіцкага Касцёла. Гродзенскі тэалагічны каледж распачне сваю дзейнасць ужо ў гэтым навучальным годзе, прапануючы навучанне па дзвюх спецыялізацыях: катэхетыка (для жадаючых працаваць катэхетам) i агульная тэалогія (без права выкладання катэхізіса).