![]()
Ні на што, апроч спрэчак, наш урад не ўплывае. Шматлікія эксперты не перастаюць варажыць, чаго чакаць ад новага ўраду, апантаныя эканамісты выдаюць парады Румасу, з нагоды новага кабміну спрачаюцца нават бабулі на лавах ля пад’езда. Як па мне, дык усё гэта — бессэнсоўная валтузня. Ці, як кажа наш правадыр, «мышкаванне». Лепей бы заняліся нечым больш карысным. Так, замест Кабякова прыйшоў Румас. Кажуць, ён «рыначнік» і банкір. Ну і што? Рыначнікам і банкірам ён быў на пасадзе віцэ-прэм’ера ў 2010–2012 гадах. Кажуць, тады ён вельмі спрачаўся наконт уключэння грашовага станка ў час крызісу 2011 года з памочнікам Лукашэнкі па эканоміцы Сяргеем Ткачовым. Які вынік тых спрэчак? Выкід пустых грошай на «подкуп выбаршчыкаў» у 2010 годзе адгукнуўся тым самым валютным крызісам і ці не самай катастрафічнай дэвальвацыяй у 2011-м, пасля чаго ўрад — і Румас у тым ліку — пайшоў у адстаўку. Гэта азначае што? Дэ-факта, гэта азначае, што ні на што, апроч спрэчак, наш урад не ўплывае. Возьмем, да прыкладу, папярэдні ўрад Кабякова.