![]()
Берасцейскі блогер пасля ранішняга затрымання АМАПам вярнуўся дадому. Фармальна, сілавікі ўварваліся ў кватэру Сяргея Пятрухiна, каб правесці ператрус у межах крымінальных справаў за „паклёп” і „абразу”, раней заведзеных на яго. Каментуе “Радыё Рацыя” сам блогер:– Калі здараюцца такія рэчы, нягледзячы на тое, што я перажыў, што я бачыў, – я не веру, што такое можа быць. Са мной такога яшчэ не здаралася, але я ведаю, што зараз нашыя міліцыянты могуць усё. Яны маглі б і забіць мяне. І сказалі б, ён супраціў аказаў. Яны прыйшлі, грукаліся да мяне. Я не адчыняю, бо сплю. Кувалдай па дзявярах. Не кажуць, што міліцыя. Я дрыжачымі пальцамі на тэлефон. Добра, што пасьпеў уключыць жывы эфір. А так не ведаю, што было б. Мордаю ў падлогу. Кайданкі мне заціснулі спецыяльна, каб мне было балюча. Селі мне на карак. Рукі дагары. Пасля вяртання з РАУС Ленінскага раёна Берасця, Пятрухін заўважыў зламаныя дзверы і адсутнасць сістэмнага блока кампутара, ноўтбука і тэлефона. Па словах сведкаў падзеяў, гэтыя рэчы вынялі міліцыянты падчас вобшуку.