![]()
У Вільні сёння завяршыўся мастацкі пленер, які быў прысвечаны 100-годдзю БНР «Art and Vilnius 2018». Арганізатарамі яго выступілі Таварыства беларускай культуры ў Літве, Асацыяцыя „Крывія“ і Культурны цэнтр імя Якуба Коласа, паведамляе “Радыё Рацыя”. У пленеры ўзялі ўдзел мастакі з Беларусі і беларускія мастакі з Падляшша. Алесь Аркуш распытаў пра вынікі пленера старшыню Таварыства беларускай культуры ў Літве Алеся Адамковіча. Алесь Адамковіч: Пленер наш з’явіўся ўпершыню. Арганізаваны першы раз. З’явілася ідэя пашыраць дзейнасць Таварыства беларускай культуры, каб не зацыклівацца толькі на камерных імпрэзах, але зрабіць штосьці больш шырокае. Таму абмеркавалі, падумалі і вырашылі, чаму б не далучыць нам мастакоў да нашай дзейнасці і зрабіць пленер. Бо тут і мерапрыемства атрымліваецца і ўзбагачаецца нашая калекцыя – у нас з’яўляюцца новыя карціны. - Да каго вы звярнуліся, хто стаў вашым партнёрам у Беларусі? - Гэта Беларускі саюз мастакоў. Мы найбольш спачатку каардынавалі з першым намеснікам – гэта Глеб Отчык.