Былі ўсе – не стала ніводнага

Сення Генадзю Бураўкіну магло б споўніцца 82 гады. Дзень народзінаў Генадзя Бураўкіна. У апошнія месяцы ягонага жыцця мы сустракаліся амаль штодня. Ці перамаўляліся, калі сустрэцца не выпадала, па тэлефоне. Ён патэлефанаваў, калі яго перавялі з мінскага шпіталю ў “ракавы корпус”. У Бараўляны, дзе, нягледзячы на ўсе супакаенні дактароў (“Тут лепшая дыягностыка, мы проста паглядзець, якасныя аналізы зрабіць”), ён усё зразумеў. – Ляжу, жыццё перабіраю, – сказаў ён на маё звыклае “як пачуваешся”? – Што зрабіў так, а што не так, што напісаў, і што ўжо не напішу, дзе пабываў, а дзе ўжо не буду. . . – І, мусібыць, каб не такімі сумнымі былі гэтыя пераборы, скончыў. – Што выпіваў, і чаго ўжо не вып’ю. . . – Цяжка ўявіць нешта такое, чаго б ты не выпіваў. . . – не прыдумаў я лепшага, каб падтрымаць яго, жарту, і ён прыняў той жарт, сказаўшы, што раней і сам так лічыў, але сёння ўспомніў, што напой гэтакі ёсць: тэкіла. «Тады чакай. . . » – збегаў я ў краму і праз паўтары гадзіны быў у Бараўлянах.