«Мастакі Вялікага Княства заўсёды былі моцныя колерамі»

Лявон Тарасэвіч завяршыў грандыёзную выставу ва Ўроцлаве. Беларус Лявон Тарасэвіч — адзін з самых вядомых, дарагіх і незвычайных мастакоў у Польшчы. У Вэнэцыі ён зрабіў дыван-карціну, па якой мог гуляць кожны ахвочы. У Варшаве для аднаго твору выкарыстаў 24 тоны пяску, а ў іншым польскім горадзе на 200 кв. м. Тарасэвіч стварыў лябірынт жывапісу і люстраў, паведамляе «Радыё Свабода». У інтэрвію Свабодзе мастак распавёў пра сваю найноўшую працу, пасьля якой вырашыў узяць адпачынак. Сёньня Лявон Тарасэвіч жыве паміж Варшавай і роднымі Валіламі на Падляшшы. Мастак, як і музыка, лічыць Тарасэвіч, павінен быць там, дзе можна сьпяваць і дзе гэта кагосьці цікавіць. У польскай сталіцы ён выкладае ў Акадэміі мастацтваў і адкрывае свае выставы. На Беласточчыне, за 20 км ад беларускай мяжы, гадуе аздобных курэй. Іх у яго каля 200. І не абы-якія. Тры гады таму на чэмпіянаце ў Францыі Тарасэвіч атрымаў узнагароду за японскую расу. У лістападзе ён бярэ сваіх курэй на эўрапейскую выставу ў Данію.