![]()
Ніколі раней і ніколі пасьля я ня чуў такой «беларускай» прамовы ў вуснах заходняга палітыка. У лістападзе 2002, як аналітык Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, я браў удзел у канфэрэнцыі з крутой назвай «Axis of Evil: Belarus — the Missing Link?» (Вось зла: Беларусь — адсутнае зьвяно?), якую арганізваў American Enterprise Institute у Вашынгтоне. Калі больш канкрэтна, то канфэрэнцыю арганізаваў польскі палітык Радаслаў Сікорскі, якому на той час не знайшлося занятку ў Варшаве, і ён дзейнічаў у арганізацыі New Atlantic Initiative, што ўзьнікла пры згаданым інстытуце (сёньня мне думаецца, што тая арганізацыя ўзьнікла якраз па ягонай асабістай ініцыятыве). Крышку гістарычнага кантэксту: акрэсьленьне «вось зла» ўжыў у сваёй штогадовай прамове ў Кангрэсе ЗША у студзені 2002 году тагачасны прэзыдэнт Джордж Буш-малодшы. Паводле Буша, гэтую вось складалі тры дзяржавы: Іран, Ірак і Паўночная Карэя. Фраза пайшла ў журналісцкі народ і ўжывалася вельмі актыўна на працягу наступнага году, ажно да амэрыканскай інтэрвэнцыі ў Іраку ў сакавіку 2003.