Дурны сон любога дыктатара

Патрабуючы правоў, людзі выходзяць на вуліцы. Чаму ціснуць на незалежны прафсаюз радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП), лідэраў якога асудзілі ў Менску? Бо гэта дзейны, эфэктыўны прататып палітычнай партыі. Не фармальнай, а рэальнай сілы, здатнай захопліваць розумы і сэрцы выбарнікаў. Неяк я рабіў для Радыё Свабода рэпартаж з Воранаўскага раёну Горадзенскай вобласьці пра страйк мэханізатараў. За ўсю гісторыю незалежнай Беларусі такіх выпадкаў было ўсяго некалькі. Падзея сама па сабе экстраардынарная. Сяляне-пратэстоўцы — гэта даведзеныя да адчаю людзі. Да пратэстоўцаў прыехаў толькі адзін журналіст — я, больш нікога. Справа ўрэшце заглухла, пратэстоўцы паўладкоўваліся ў суседнія гаспадаркі. А цяпер уявіце сабе, што да пратэстоўцаў, апроч групы журналістаў розных мэдыя, прыехаў бы лідэр палітычнай партыі ці руху. Выслухаў бы скаргі (у выпадку з Воранаўскім раёнам вялося пра тое, што дырэктар сельскагаспадарчага каапэратыву зьбіваў работнікаў і заніжаў заробкі). Арганізаваў бы юрыстаў, адстаяў у судзе інтарэсы рабацяг.